246017, г.Гомель, пр.Победы,18-б,

тел. +375232 32-50-31

+375232 32-50-92,

E-mail:Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Время работы: 07.30-18.00 

 

Жылі-былі ў адным лесе лісіца і заяц. Жылі яны адзін каля другога блізка. Прыйшла восень, стала холадна, уздумалі яны сабе хаткі збудаваць. Вось лісіца узвяла сабе хатку са сняжку, а заяц – з пяску. Пражылі зімку, дачакаліся вясны. У лісіцы хатка растала, а зайчыкава – выстаяла. Прыйшла лісіца, выгнала зайчыка, стала сама там жыць у яго хатцы. Сядзіць зайка пад бярозай і плача. Ідзе воўк.
– Чаго ты, зайка, плачаш?
– Як жа мне не плакаць? Жылі мы з ліскай блізка. Стала холадна, збудавалі мы сабе хаткі. Я сабе – з пяску, а лісіца – са сняжку. Прыйшла вясна, яе хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне выгнала з маёй хаткі і сама цяпер жыве там. Вось я сяджу ды плачу. Падсабі гора гараваць.
– Ну, хадзі, я яе выганю.
Пайшоў воўк, стаў на парозе:
– Вылазь, ліса, вон! Бо скіну з печы, паб’ю табе плечы!
А лісіца не лезе з печы дый гаворыць:
– Мой хвост шорсткі, як дам – дык павалішся!
Спалохаўся воўк лісінага хваста, пабег і зайца кінуў. Сеў заяц зноў пад бярэзінаю і плача. Ідзе па лесе мядзведзь. Убачыў зайку дый пытае:
– Чаго ты, зайка, плачаш?
– Як жа мне не плакаць? Жылі мы з ліскай блізка. Прыйшла восень, пабудавалі мы сабе хаткі. У яе хатка са сняжку, а ў мяне – з пяску. Прыйшла вясна, лісчына хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне выгнала з тае хаткі, сама там жыве. А я сяджу ды плачу. Падсабі гора гараваць.
Пайшоў мядзведзь лісіцу выганяць. Узыйшоў на парог, а лісіца і пытае:
– Хто там? Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!
Спалохаўся мядзведзь таго хваста, кінуў зайца ды бегчы. Зноў сеў зайчык пад бярозай і жаласна плача. Аж ідзе па лесе певень. Убачыў ён зайку і пытае:
– Чаго ты, зайка, плачаш?
Зайка стаў жаліцца пеўню:
– Жылі мы з лісіцай блізка. Узвялі сабе хаткі побач. Я сабе – з пяску, а лісіца – са сняжку.  Прыйшла вясна, лісіцына хатка растала, а мая выстаяла. Яна мяне і выгнала з маёй хаткі.
– Пайду-тка я яе выганю!
Плача зайка, не верыць.
– І дзе табе, Пеця, выгнаць? Воўк гнаў – не выгнаў, мядзведзь гнаў – не выгнаў.
– Не, хадзі, паспрабуем.
Вось і пайшлі. Увайшоў певень у хату, стаў на парозе і крычыць:
– Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу ліску засячы!
А лісіца і кажа:
– Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!
А певень не спалохаўся, скочыў з парога на падлогу і зноў крычыць:
– Я пятух-чабятух, на кароткіх нагах, на высокіх пятах, нясу касу на плячы, хачу ліску засячы!
А яна адказвае:
– Мой хвост шорсткі, як дам, дык павалішся!
А пятух усё бліжэй, бліжэй падыходзіць ды як ускочыць на пяколак! А лісіца скок з печы далоў, певень да яе, а яна – за парог! А зайка і дзверы за ёй зачыніў! І сталі зайка з пеўнем удвух жыць.

Тлумачэнні

Вопер – вяпрук, кабан.

Вярэнька – кошык з накрыўкай, сплецены з барозавай кары (бяросты).

Гарэц – пасудзіна, мера аб’ёму (прыблізна 3,3 літры).

Дзяруга – посцілка, вялікі кавалак грубай тканіны.

Дубальт – удвая.

Загнет – выступ печы.

Збыткавацца – здзеквацца, кпіць.

Каліто – кашалёк; торбачка для захавання грошай, дакументаў ці дробных прадметаў.

Капуза – шапка з аўчыны поўсцю наверх у выглядзе каўпака.

Кокат – сук на дрэве.

Коўб – страўнік (жывёльны).

Коч – карэта з верхам.

Куля, кулька – ядро, шар; булава; дрын, кол, палка.

Куні – куніцавыя шкуры.

Лапацень – прыстасаванне для фіксацыі чаго-небудзь.

Лычка – тут: вяроўка, аброць.

Магалейка – кісет.

Нажэндзя – інструменты, прылады.

Нічальніцы – дэталь ткацкага станка.

Перапечы – булкі з грэчневай мукі.

Суздром – цалкам, падчыстую.

Сыта – страва з вады ды мёду.

Уогер – конь, жарабец.

Фаска – пасудзіна для захавання вадкіх рэчываў.

Цагала – прыстасаванне для здабывання агню.